Аднойчы на могілках
- Гэта тут! – сказаў Алег і спыніўся. Юрась таксама спыніўся побач з сябрам і азірнуўся вакол. Нягледзячы на здаровы скептызм, яму было ўсё ж крыху не па сабе. - Няўтульнае месца! – заўважыўшы гэта, прамовіў Алег і, крыва ўсміхнуўшыся, дадаў: - Тут і без гэтага ўсяго не па сабе неяк... Месца і сапраўды было няўтульным, калі такі выраз, наогул, можна прымяніць у адносінах да могілак. Саміх магіл, праўда, з-за высокай, густой травы і дрымучага зарасніку шыпшыны і здзічэлага бэзу, амаль не было відаць. Там-сям тырчалі яшчэ чорныя трухлявыя крыжы, часцей, нахіліўшыяся. І толькі ў адным месцы, зусім непадалёку ад хлопцаў, самотна жаўцела адзіная нядаўняя магіла з крыжом, які не паспеў нават счарнець. - Гэта тут? – ціха спытаў Юрась, і раптам адчуў, як нейкі незразумелы азноб халоднай хваляй прабег па спіне. Ён ужо амаль верыў словам сябра, ён верыў ім ужо без усялякага нават “амаль”. - Бліжэй падыйсці трэба, - не прагаварыў, а прашаптаў чамусьці Алег і, першым падыйшоўшы да жоўтага пясчанага грудка, азірнуўся. – Ну, чаго стаіш?! Сюды ідзі! Юрась паспешліва падыйшоў да сябра, стаў побач з ім. Ён шчыра спадзяваўся, што ўнутраны стан ягоны ніякім чынам не адбіўся на выразе твару, і што знешне ён, Юрась, выглядае гэтак жа спакойна і ўпэўнена, як і Алег. Некалькі хвілін хлопцы стаялі моўчкі. - Не чуваць! – з палёгкай сказаў Юрась і, зірнуўшы ў бок сябра, шырока і хітравата ўсміхнуўся. – Ты гэта знарок, так? Пажартаваць вырашыў? – і, штурхануўшы Алега локцем у бок, дадаў: - Лічы, што атрымалася! Я нават купіўся ў нейкі момант! І ён засмяяўся... але тут Алег, нічога не адказваючы, раптам з сілай ударыў кулаком па крыжы. І смех адразу ж абарваўся, і валасы самі сабой заварушыліся на галаве ў Юрася, ногі зрабіліся ватнымі, а грудзі імгненна апёк знутры нейкі незразумелы ці то жар, ці то люты зімовы холад. Бо знізу, з-пад зямлі, раптам пачуўся ледзь чутны жаночы голас. - Памажыце! – жудасна стагнаў, прыглушаны зямлёй і адлегласцю, ціхі гэты голас. – Хто-небудзь! Памажыце! Юрась інстыктыўна адхіснуўся ўбок, ледзь не збіўшы з ног сябра. Алег застаўся на месцы, але сумненняў не заставалася – ён таксама чуў голас з-пад зямлі. - Ну што, пераканаўся? - Яна... – голас не слухаўся Юрася, словы выляталі з роту нейкімі кароткімі, амаль невыразнымі ўрыўкамі, - яна што, жывая?! Яна жывая там?! Алег нічога не адказаў. Ён стаяў, маўчаў і ўсё глядзеў і глядзеў прама прама ў вочы сябру. Неяк дзіўна глядзеў... - Трэба яе хутчэй адкапаць! – голас Юрася задрыжэў і зноў сарваўся. – Трэба паклікаць каго... знайсці рыдлёўкі! І як мага хутчэй! Яна можа задыхнуцца там... у любы момант можа задыхнуцца... Не дагаварыўшы, ён змоўк і нейкі час сябры моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы. - Чаму ты ўсё маўчыш, Алег? – прамовіў, нарэшце, Юрась. – І чаму ты так глядзіш на мяне? Алег неяк дзіўна ўсміхнуўся. Дзіўна і трывожна. Потым паказаў рукой на крыж. - Там, на крыжы, дата смерці, - ціха прагаварыў ён. – Паглядзі на яе! Юрась, яшчэ нічога не разумеючы, тым не менш, паслухмяна зірнуў на крыж. Год нараджэння... год смерці... пражыла ўсяго толькі дваццаць тры гады з паловай... памерла... Памерла сёмага красавіка... Зараз была сярэдзіна жніўня! - Зразумеў?! – Алег па-ранейшаму не адводзіў ад твару сябра заклапочана-трывожнага позірку. - Яна не можа быць жывой, ніяк не можа! Такое немагчыма! - Немагчыма... – машынальна паўтарыў Юрась і гэтак жа машынальна перавёў погляд на жоўты грудок перад сабой. На грудку ўжо дзе-нідзе прабівалася рэдкая зялёная трава, бачна было, што яго, грудок гэты, насыпалі не ўчора, і нават не тыдзень таму. – Немагчыма! – зноўку паўтарыў Юрась, ціха, аднымі вуснамі. – Такое немагчыма! І адразу ж, нібыта ў адказ яму, з-пад зямлі зноў пачуўся ўсё той жа змучаны, хрыпаты жаночы голас. - Хто-небудзь! – уяўна і жудасна неслася адтуль, знізу. – Хоць хто-небудзь... А ўверсе ярка свяціла сонца, і неба было на здзіўленне сінім і празрыстым... нават ветрыка не адчувалася. І тым нерэальней, тым жудасней, сярод усяго гэтага, такога звычайнага, такога паўсядзённага жнівеньскага поўдня, было само існаванне, само гучанне прыглушанага, змучанага голасу з-пад зямлі. І, заплюшчыўшы на імгненне вочы, Юрась, раптам, на здзіўленне выразна і яскрава змог уявіць сабе, што адчувае зараз там, унізе, невядомая яму ўладальніца змучанага гэтага голасу. І як яна можа выглядаць там зараз, пасля чатырох месяцаў падземнага свайго, ці то існавання, ці то неіснавання. І, уявіўшы ўсё гэта, Юрась міжволі скалануўся і нечакана пашкадаваў, што паслухаўся Алега, што, наогул, паверыў яму. Ён вельмі шкадаваў аб гэтым зараз... - Ну, што? – прашаптаў Алег. – Што рабіць будзем? Гэтага Юрась не ведаў. Тое, першае ягонае памкненне бегчы па рыдлёўкі, склікаць людзей... яно, чамусьці, ужо прайшло. Засталася толькі трывога, дзіўная, не зусім нават зразумелая трывога. А мо і не трывога гэта была, а яшчэ штосьці, дрымучае, патаемнае, схаванае ў самых запаведных кутках падсвядомасці... - Дык што рабіць будзем? Сутаргава ўздыхнуўшы, Юрась так нічога і не адказаў сябру. А можа, яна нейкім чынам ці цудам змагла ўсё ж не памерці, застацца жывой там, унізе?! Можа, яна спала, моцна спала, і ў гэтым самбулічным сне яе і пахавалі тут, на закінутых гэтых могілках. Пахавалі, а яна ўсё спала, усё працягвала спаць доўгія гэтыя месяцы... а потым, два дні таму, гэты дурань Алег, выпадкова ці можа па нейкай злой іроніі лёсу, забрыў на старыя могілкі і нейкім сваім словам ці рухам змог разбудзіць яе. І дзяўчына, зразумеўшы нарэшце, што з ёй такое адбылося, пачала крычаць, клікаць на дапамогу. А гэты дурань уцёк, проста ўцёк... і двое сутак, доўгія двое сутак яна ўсё чакала і чакала гэтае дапамогі... Юрась зноў сутаргава ўздыхнуў. Ён паспрабаваў уявіць сабе, што перажыла, што павінна была перажыць гэтая нясчасная дзяўчына за тыя доўгія, бясконца доўгія сорак восем гадзін, колькі разоў павінна была яна, пераходзячы ад надзеі да адчаю, і ад адчаю зноў да надзеі... колькі разоў павінна была яна паміраць і ажываць... і зноў паміраць... Ён паспрабаваў уявіць сабе ўсё гэта, ды так і не змог уявіць. - Яна жывая! – ледзь чутна прагаварыў Юрась і аблізнуў перасмяглыя вусны кончыкам языка. – Мы павінны дапамагчы ёй, чуеш! - Дапамажы! – рот Алега скрывіўся ў нейкай нядобрай усмешцы, вельмі падобнай на грымасу болю... а можа, гэта і была грымаса болю, а ніякая не ўсмешка. – Дапамажы, раскапай! Яна аддзячыць табе за гэта, добра аддзячыць! Яна прагаладалася там за столькі часу... - Не разумею, аб чым ты! – Юрась адчуў раптам, як пахаладзела ўсё знутры, якімі ватнымі і непаслухмянымі зрабіліся ногі. – Ты думаеш, што яна... Я не разумею цябе, Алег! - Ды ўсё ты разумееш! Яны замаўчалі, і маўчалі доўга, вельмі доўга, не гледзячы адзін на аднаго. І голас унізе таксама маўчаў, і нібыта чакаў чагосьці. А вакол быў звычайны жнівеньскі дзень. І да вечара было яшчэ так далёка.
