Альма, Альмачка!

- А ну, тармазні! – загадаў лейтэнант сяржанту, пільна ўглядаючыся кудысьці ў бок парку. – Прыпыніся, каму кажу! - Слухаю! Сяржант, які і сядзеў за рулём, прыняў убок і спрытна прыпаркаваў “уазік” ля самага, лічы, тратуару, а лейтэнант, выскачыўшы з машыны яшчэ да поўнага яе спынення, ужо бег туды, дзе сярод высокіх дрэў старога парка мітусіліся людзі і чуўся чыйсці спалоханы крык. Карціна, якую пабачыў лейтэнант, падбегшы бліжэй да ўсёй гэтай мітусні, была і сапраўды амаль крытычнай, бо вялізны сабака байцовай пароды (пітбуль, здаецца), ухапіўшыся за рукаў скураной курткі, з лютым рыканнем цягаў па зямлі нейкага мужчыну… а той ужо і не крычаў нават, а толькі тоненька вісчэў ад жаху… - Альма, Альмачка! – бегаючы вакол, крычала са слязамі ў голасе маленькая дзяўчынка і біла сабаку па спіне тоненькім скураным раменьчыкам. – Фу, Альма! Фу! Разумеючы, што справа зайшла занадта далёка і жыццю мужчыны пагражае рэальная небяспека, лейтэнант выхапіў з кабуры пісталет, навёў яго на сабаку. - Не трэба, дзядзечка! – заўважыўшы гэта, адчайна залемантавала дзяўчынка, але лейтэнант ужо націскаў на курок. Стрэл, яшчэ адзін стрэл… і пітбуль, адскочыўшы ўбок, адразу ж асеў у густую высокую траву. І ўсё гэта моўчкі, хоць звычайна смяротна параненыя сабакі жаласліва скавычуць перед тым, як канчаткова адыйсці ў нябыт… усе, нават самыя злосныя і куслівыя з іх… - Не страляйце, дзядзечка! – крыху запознена выкрыкнула дзяўчынка і, зразумеўшы, нарэшце, што адбылося, з ціхім галашэннем кінулася да нерухомага цела пітбуля, літаральна павалілася на яго. – Альма! Альмачка! Але лейтэнант ужо не глядзеў у той бок. Уся ўвага ягоная была прыкаваная да мужчыны, які, змоўкнуўшы, уздымаўся цяпер з зямлі, цяжка, з прысвістам пры гэтым дыхаючы. - У, зараза! – прашыпеў ён праз моцна сцятыя зубы і нават замахнуўся, ці то на сабаку, ці то на дзяўчынку, нагой, але лейтэнант, схапіўшы мужчыну за за плячо, з сілай адкінуў яго кудысьці ўбок. - Астынь! - Усё зразумеў, начальнік! – падазронна пакорліва адазваўся мужчына і, цыкнуўшы сабе пад ногі сліной, злосна дадаў: - Развялі тут ваўкадаваў! У мужчыны быў нейкі азызлы і амаль чорны ад пастаяннага п’янства твар і сінія ад наколак рукі. А калі лейтэнант падыйшоў крыху бліжэй, яго ледзь не званітавала ад смуроду і застарэлага паху перагара, што йшоў з гнілазубага роту мужчыны. “І трэба было гэткую поскудзь ратаваць! – міжволі падумалася яму. – Не, каб каго добрага…” - Альма, Альмачка! – зноў пачуўся за спіной лейтэнанта заплаканы дзіцячы галасок. – Ну, расплюшчы вочкі! Вакол сабралася ўжо даволі шмат людзей, у асноўным жанчыны,і ўсе яны глядзелі зараз на лейтэнанта, дакладней, на пісталет, які той усё яшчэ трымаў у правай руцэ. - Усё законна! – звяртаючыся адразу да ўсіх сабраўшыхся, патлумачыў лейтэнант, таропка хаваючы пісталет у кабуру. – Гэтая сабака напала на чалавека, магла да смерці загрызці… - Шкада, што не загрызла! – з непрыхаванай нават злосцю выгукнула нейкая пажылая жанчына. – Алкаша такога! - Ён тут, па парку, з самай раніцы швэндаўся! – дадала яе суседка, такога ж узросту. – Да людзей чапляўся, мацюкаўся па ўсялякаму… - Грошы вымагаў! – уступіла ў размову трэцяя жанчына, крыху маладзейшая за першых двух. – А потым нож выхапіў і… - Нож? – насцярожыўся лейтэнант, азіраючыся па баках. – Які нож? Тут ён і на самой справе заўважыў непадалёку ў траве нож. - Твой? – паказваючы на нож, спытаўся лейтэнант у мужчыны з наколкамі, але той адразу ж адмоўна закруціў галавой. - Які нож, начальнік? Першы раз бачу! - Не мані! – разам загаманілі жанчыны. – Твой нож… вунь і дзяўчына падцвердзіць! І яны, таксама ўсе разам, павярнуліся да маладой жанчыны (дзяўчыны, нават), якая ўвесь гэты час трымалася крыху ў баку ад натоўпу. Лейтэнант таксама ўважліва паглядзеў на дзяўчыну: вочы ў яе былі заплаканыя, на тоненькай блузцы спераду мелася вялізная дзірка, дакладней, парэз… - Ён да яе з нажом кінуўся, паваліў, у кусты пачаў цягнуць… - патлумачыла першая жанчына. – І каб не сабака гэты… - Не было такога, начальнік! – неяк нервова выгукнуў мужчына з наколкамі. – Брэша яна ўсё, лярва драная! У гэты час хтосьці крануў лейтэнанта за плячо і, азірнуўшыся, ён убачыў побач з сабой сяржанта. - Пратакол складаць будзем? – амаль шэптам прагаварыў той, паказваючы ў бок дзяўчынкі, якая па-ранейшаму сядзела побач з забітым сабакам і, абхапіўшы яго за шыю, ціхенька плакала. – На гаспадароў сабакі, я маю на ўвазе… - Ды пачакай ты са сваім пратаколам! – адмахнуўся лейтэнант. – Тут пасур’ёзней справа! Мы з табой, здаецца, серыйнага маньяка затрымалі… Ну, таго, што на жанчын з нажом у апошні час нападаў… А ну, стаяць! – крыкнуў ён, паварочваючыся ў бок мужчыны з наколкамі і, нібыта незнарок, кладучы пры гэтым руку на кабуру. - Стаю, начальнік! – жаласліва і неяк лісліва прабубнеў той. – Але ж я, дальбог, нічога такога не рабіў! Ішоў, сабе, ціхенька… а тут гэты ваўкадаў… - Не мані! – перабіў яго хтосьці з жаночага натоўпу. – Бач ты, ішоў ён ціхенька! - І нож не твой? – перапытаў лейтэнант, асцярожна ўздымаючы нож і змяшчаючы яго ў палітыленавы пакет. – Адвязеш у аддзел, хай здымуць адбіткі, - дадаў ён, звяртаючыся да сяржанта і перадаючы яму пакет. - Мой нож! – штосьці сцяміўшы, загаласіў мужчына. – Але ж я яго для таго толькі і выхапіў, каб ад звяругі гэтай абараніцца. - Яго таксама ў аддзел адвязеш! – не слухаючы мужчыну, загадаў лейтэнант сяржанту. – Да высвятленны ўсіх абставін…  - Слухаю! – сказаў сяржант і, схаваўшы пакет з нажом у кішэню, спрытна зашчоўкнуў наручнікі на запясцях мужчыны. – А ну, пайшлі! - За што, начальнік?! – яшчэ гучней загаласіў той. – Я – пацярпелы, а меня яшчэ і ў ментоўку! Ён змоўк і ліхаманкава абвёў поглядам людзей вакол у пошуках падтрымкі, але змог разглядзець у вачах усіх прысутных адну толькі варожасць. - Ідзі, ідзі! – выкрыкнула адна з жанчын. – Там цябе адвучаць з нажом на людзей кідацца! - Пайшлі, каму сказаў! – дадаў сяржант, падштурхоўваючы затрыманага ў спіну. – Давай, варушыся! Яны рушылі ў бок машыны, мужчына ў наручніках наперадзе, сяржант - у некалькіх кроках за ім. А лейтэнант застаўся. - Перадасі яго Мітрафанаву, усё, як след, аформеш і зноўку сюды! – крыкнуў ён сяржанту. - Слухаю! - Не маеце права! – абарочваючыся, выгукнуў затрыманы. – Я паранены, мяне ў лазарэт трэба! Майце на ўвазе, я гэтага так не пакіну, я скардзіцца буду! Ён хацеў яшчэ штосьці дадаць, але сяржант так моцна штурхануў мужчыну ў плячо, што той ледзь на нагах утрымаўся. І ўвесь астатні шлях да “ўазіка” прайшоў моўчкі. Калі машына, нарэшце, ад’ехала, лейтэнант падыйшоў да дзяўчыны ў дзіравай блузцы. - Заяву пісаць будзеце?  - А як жа! – замест дзяўчыны адказала яе пажылая суседка. – І я першай ў сведкі пайду! - Ну, вось і добра! Зараз машына вернецца і мы з вамі… Тут лейтэнант змоўк, заўважыўшы на шыі ў дзяўчыны доўгую крывавую драпіну. - Гэта ён вас так?! Не адказваючы, дзяўчына толькі моўчкі кіўнула, вочы яе зноўку пачалі напаўняцца слязьмі. - Тады спачатку ў бальніцу заскочым, - вырашыў лейтэнант. – Калі вы не супраць… - Ды не супраць яна! – зноўку адказала за дзяўчыну пажылая суседка Сама ж дзяўчына, нейкае імгненне памарудзіўшы, таксама кіўнула згодна, а блукаючы погляд лейтэнанта раптам затрымаўся на дзяўчынцы, якая па-ранейшаму гаротна сядзела каля забітай сабакі. Але яна ўжо не плакала і, калі лейтэнант падыйшоў бліжэй, узняла на яго вялікія, валошкавага колеру вочы. - Вы мяне таксама заарыштуеце? – спыталася яна ціхім і на дзіва спакойным голасам. – За тое, што Альмачка… што мы з ёй… Голас дзяўчынкі неяк разам змяніўся, задрыжэў, і яна, не дагаварыўшы, змоўкла. - Ну, што ты! – паспяшаўся заспакоіць дзяўчынку лейтэнант. – Я табе нават штраф выпісваць не буду… не табе, зразумела ж, бацькам тваім. Слова даю! - Як жа я маме аб усім гэтым раскажу?! – думаючы ад нечым сваім, прашаптала дзяўчынка. – Ёй нельга хвалявацца… яна мне браціка хутка нарадзіць павінна, а тут… Дзяўчынка зноў змоўкла, не дагаварыўшы… і лейтэнант таксама маўчаў і моўчкі на яе глядзеў. А людзі вакол неяк вельмі хутка пачалі разыходзіцца, кожны па сваіх справах, бо нічога цікавага, з іх пункту гледжання, тут ужо адбыцца не павінна было. На месцы засталася толькі пацярпелая дзяўчына з крывавай драпінай на шыі і пажылая жанчына-сведка, але і яны пакуль што далікатна адыйшлі ўбок і там аб нечым ціхенька паміж сабой гаманілі.  - А тата твой дзе? – спытаўся лейтэнант, калі зразумеў, што сама дзяўчынка, здаецца, не мае намеру працягваць гэтую размову. - Няма ў яе бацькі! - замест дзяўчынкі адказала пажылая жанчына - Кінуў ён іх… ужо гады са тры таму, як кінуў… “А брацік тады адкуль?” – ледзьве не запытаўся лейтэнант, але своечасова стрымаўся. Замест гэтага перавёў погляд на забітага пітбуля. Як яго (дакладней, яе) клікала дзяўчынка? Альмай, здаецца? - Колькі гадоў? - Дзевяць, - гледзячы кудысьці ўбок, прагаварыла дзяўчынка.- А што? - Я спытаўся, колькі Альме тваёй гадоў… - удакладніў лейтэнант, потым памаўчаў крыху і дадаў: - Было колькі? - Таксама дзевяць, - без усялякага выразу і нават не паварушыўшыся, адказала дзяўчынка. - Мы з ёй у адзін дзень нарадзіліся, і мама жартам заўсёды называла нас сястрычкамі-блізняткамі. І тут дзяўчынка зноўку расплакалася, горка і няўцешна. Яна плакала, а лейтэнант толькі моўчкі стаяў побач. - Калі б на тваёй Альме быў наморднік, - прагаварыў ён пасля даволі працяглага і даволі няёмкага маўчання, - дык нічога б такога… “Калі б на ёй быў наморднік, - міжволі падумалася лейтэнанту, - то пітбуль гэты не змог бы спыніць мярзотніка, што накінуўся на дзяўчыну! Больш таго, ахмурэлы ад алкаголю, той мог ударыць нажом і сабаку… ды і дзяўчыне таксама не толькі шыю падрапаць…” Але ўслых лейтэнант, вядома ж, нічога такога не сказаў. - Ведаешь, у аднаго майго знаёмага таксама пітбуль, - сказаў ён першае, што прыйшло ў галаву. – Дакладней,як і ў цябе, пітбуліха… і ў яе нядаўна шчаняткі з’явіліся. Калі хочаш, я аднаго з іх для цябе папрашу… “Дакладней, куплю, - дадаў ён у думках. – Бо ў Мітрафанава снега зімой не выпрасіш, не тое, каб элітнага шчанюка…” - Папрасіць? – спытаўся ён ужо ўслых. - У Альмы б таксама былі шчаняткі! – выкрыкнула раптам дзяўчынка. – І ўжо хутка… а вы яе… іх… Дзяўчынка ўскочыла на ногі і ў позірку яе, скіраваным на лейтэнанта, было столькі крыўды і адчаю, што лейтэнанту міжволі стала неяк не па сабе. Вузкія дзіцячыя далонькі былі ўсе перапэцканы сабачай крывёю… на светлай сукенцы дзяўчынкі таксама меліся шматлікія крывавыя плямы. - Ненавіджу! Сутаргава ўсхліпнуўшы, дзяўчынка пабегла прэч. Яна бегла, закрыўшы тварык далонькамі, а лейтэнант толькі разгублена глядзеў ёй услед. І дзве жанчыны, пажылая і маладая, таксама глядзелі, але не на дзяўчынку, а на самога лейтэнанта. І штосьці пры гэтым думалі… але тое, аб чым яны зараз думалі, ведалі толькі яны самі…