Бобі
Ён увайшоў у пярэднюю і адразу ж ноздры ягоныя казытнуў такі знаёмы пах тушанай капусты з грудзінкай. Калісьці ён вельмі любіў гэтую страву, але за некалькі апошніх месяцаў амаль зненавідзеў яе. Праўда, сказаць аб гэтым жонцы ў яго не хапала духу.- Гэта ты? – данёсся з боку кухні знаёмы высокі голас. – Ты ўжо прыйшоў?Раней недарэчнае гэтае пытанне выклікала ў яго нязменную ўсмешку, але гэта было раней. Тады, калі ён яшчэ ўмеў усміхацца...- Добры вечар, любая! – сказаў ён, заходзячы на кухню і цалуючы жонку ў выбеленую заўчаснай сівізной скронь... потым ён кінуў хуткі погляд на другі бок стала і дадаў: - Прывітанне, Бобі!Бобі ніяк не прарэагаваў на гэта. Ускудлачаная галава ягоная ледзь выглядвала з-пад края стала, прама перад ім на талерцы павольна астывала цэлая гара маннай кашы.- Бобі – малайчына! – перахапіўшы погляд мужа, хутка прагаварыла жонка. – Ён амаль не сваволіў, калі мы гулялі па вуліцы, а потым я чытала яму казкі. І ведаеш, ён ужо амаль усё разумее!Жанчына глядзела на мужа і ў яе вялікіх блакітных вачах была надзея, трывога і яшчэ штосьці незразумелае. Яна, як быццам, чагосьці чакала ад мужа, кожны вечар чакала... і кожны вечар дарэмна...- Я пераапрануся, - прамармытаў ён, таропка пакідаючы кухню. – І ведаеш, не кладзі мне шмат капусты, нешта не хочацца. Лепш завары кавы.Калі ён вярнуўся, Бобі за сталом не было, талерка з-пад маннай кашы стаяла парожняя, а другая талерка, поўная капусты з грудзінкай, ужо чакала яго. Так было заўсёды, але ён ніколі не задаваўся пытаннем, куды ж яна падзяецца кожны раз, гэтая каша. Яшчэ ён ніколі не перапытваў жонку наконт кавы...Уздыхнуўшы, ён проста сеў за стол і ўзяў відэлец. Жанчына села насупраць, трывожны погляд яе дзіўных вачэй літаральна застыў на твары мужа... гэта было не вельмі прыемна, але ён ужо звыкся і з гэтым.Ён шмат з чым паспеў звыкнуцца за апошні час...- Я паклала Бобі спаць, - прагаварыла жанчына ціхім стомленым голасам. – Ён, праўда, хацеў яшчэ пагуляць, але я не дазволіла. У яго ўзросце галоўнае – гэта сон...Трэба было хоць неяк прарэагаваць на гэта, і ён толькі моўчкі кіўнуў галавой, згаджаючыся з тым, што, сапраўды: галоўнае – гэта сон.- Ты дрэнна выглядаеш, - змяніўшы тэму, прагаварыла жанчына, і вочы яе зноў трывожна заблішчэлі. – Кепска спіш, крычыш па начах. У цябе што, непрыемнасці па рабоце?Адзіным станоўчым ва ўсіх гэтых размовах было тое, што на пытанні жонкі можна было не адказваць. Вось і зараз ён толькі паціснуў плячамі, і гэтага аказалася дастаткова, каб жонка палічыла дадзеную тэму поўнасцю вычарпанай. На сённяшні вечар, зразумела...Да таго ж ён ведаў, якой будзе наступная тэма. Яны нібыта штовечар чыталі адны і тыя ж ролі ў нейкай, немаведама кім напісанай п’есе, і ён паспеў добра вывучыць сваю ролю...- Любы! – голас жонкі быў трывожным і ўмольным адначасова. – Бобі заснуў, але не мог бы ты ўсё ж схадзіць, паглядзець, як ён там?- Вядома ж, любая! Зараз пагляджу.Што ж, яны і сапраўды добра ведалі свае ролі...Уздымаючыся па рыпучых прыступках на другі паверх , ён раптам злавіў сябе на думцы, што зноў, як і ўчора, як і пазаўчора, як і кожны вечар, ідучы сюды, ён спадзяецца на цуд. Раптам, адчыніўшы дзверы дзіцячага пакоя, ён убачыць у ложку... Бобі! Сапраўднага Бобі!Але цуд не адбыўся. І зразумеўшы гэта, ён моўчкі падыйшоў да дзіцячага ложачка, і, спыніўшыся непадалёку ад яго, пачаў гэтак жа моўчкі глядзець на ляльку, якая ў ім ляжала. Вялікая зашмальцаваная лялька з цэлулоіду (такіх зараз і не робяць ужо) ляжала з заплюшчанымі вачыма, і здалёк яе сапраўды можна было прыняць за жывога дзіцяці.Але гэта толькі здалёк...Міжволі ўспомніўся яму той жудасны вечар двухгадовай даўнасці, калі, пачуўшы адчайны крык жонкі, ён убег сюды і ўпершыню ўбачыў гэтую ляльку. Яна ляжала ў ложку іх сына, сам жа хлопчык знік, прытым, абставіны яго знікнення былі самыя загадкавыя, бо вокны засталіся зачыненымі і нават заклеенымі, а праз фрамужку змог бы пралезці хіба толькі сам Бобі, калі б гадавалае немаўлятка магло гэта зрабіць...А потым трывожныя чаканні каля тэлефона... дарэмныя чаканні, бо ніхто так і не патэлефанаваў ім. І праваахоўчыя органы таксама нічым не змаглі дапамагчы... да гэтага часу лёс іх маленькага сына так і застаўся нявысветленным...Нявысветленным для яго. А вось жонка ад гора і безвыходнасці раптам паверыла ў тое, што гэтая старая цэлулоідная лялька, якую выкрадальнік (ці выкрадальнікі) пакінулі чамусьці на месцы злачынства, і ёсць іх Бобі, іх маленькі хлопчык, якога проста хтосьці зачараваў, ператварыўшы ў ляльку... Гэта было адзіным праяўленнем яе вар’ятства, ва ўсім жа астатнім жанчына заставалася ранейшай, дакладней, амаль ранейшай. Праўда, гэтае “амаль” дорага яму каштавала...Адарваўшыся, нарэшце, ад невясёлых сваіх думак, ён раптам уздрыгнуў і нават зрабіў крок назад. Нечакана яму падалося, што лялька спадцішка назірае за ім праз паўзаплюшчаныя павекі.Зразумела ж, гэта была ілюзія, аптычны падман... хапала і аднаго звар’яцелага ў гэтым доме, хапала і таго, што ён добра вывучыў сваю ролю, што ён заўсёды выконвае яе на выдатна... хапала і тых кашмарных сноў, якія ён бачыў, лічы, кожную ноч...І ўсё ж...Хвіліну таму ён гатоў быў паклясціся, што лялька спадцішка назірала за ім...- Хто ты? – спытаў ён тужліва і безнадзейна. – Адкуль ты ўзялася тут і дзе зараз мой маленькі Бобі? Ці, можа, мая жонка і сапраўды мае рацыю, і ты – гэта ён? Калі ты і сапраўды – Бобі, або, калі ты ведаш, дзе ён зараз, перадай, што я люблю яго! І ніколі не пераставаў любіць! І ніколі не пераставаў... спадзявацца...Не дагаварыўшы, ён павярнуўся і пайшоў прэч. Прычым, увесь той час, пакуль ішоў да дзвярэй, яго не пакідала адчуванне, што лялька, крыху павярнуўшы галаву, глядзіць яму ўслед. Са спагадай, з пагардай... а мо і з пагрозай, хто ведае...Гэта было вельмі непрыемнае адчуванне, але ён так і не асмеліўся азірнуцца, каб упэўніцца ў тым, што ўсё гэта яму толькі падалося. Убіўшы галаву ў плечы, ён міжволі паскорыў крок і, толькі выбраўшыся з пакоя і зачыніўшы за сабой дзверы, уздыхнуў нарэшце з палёгкай...
