Лясное возера
Вогнішча дагарала. Дакладней, яно ўжо і зусім дагарэла… і цяпер, амаль не асвятляючы нічога вакол, толькі тлела, таямніча і задуменна, пабліскваючы залаціста-чырвоным вуголлем. Гэта было вельмі прыгожае відовішча, і так не хацелася яго парушаць... Андрэй пачакаў яшчэ крыху, потым усё ж прыўзняўся і, намацаўшы навобмацак некалькі сухіх галінак, нетаропка кінуў іх у самы цэнтр вогнішча. Прыемна было назіраць, як хутка і прагна ўхапіла вогнішча сваю здабычу, з якой асалодай ускінуліся ўверх чырвоныя языкі полымя. Але былой прыгажосці ўжо не было, яна знікла... - Падкінь яшчэ! – папрасіла Хрысціна. – Холадна! Андрэй падкінуў яшчэ, а Ігар, паглядзеўшы на гадзіннік, устаў - Усё ж пойдзеш? – спытаў Андрэй, і Ігар кіўнуў сцвярджальна. – Рабіць табе няма чаго! Ігар нічога не адказаў. - Ты што, і сапраўды верыш у тое, што сказаў гэты стары? - А ты? Цяпер ужо прамаўчаў сам Андрэй. Ён толькі паціснуў плячамі і зноў пачаў старанна падкідваць ў агонь сухія галінкі. - Не ідзі! – ціха прагаварыла Хрысціна. – Я баюся! Ігар усміхнуўся, уключыў ліхтарык, зноў яго выключыў... - Казкі ўсё гэта! – ён засунуў ліхтарык у кішэню курткі. – Лухта! - А калі не?! - Вось я і праверу! Ён павярнуўся і нетаропка, павольна нават, пакрочыў у бок возера. І Андрэй з унутраным нейкім болем паспеў заўважыць, як ускінуліся ўслед Ігару блакітныя вочы Хрысціны. Ускінуліся ненадоўга, на нейкія кароткія долі імгнення ўсяго... але і гэтага было больш чым дастаткова, і гэта было куды красамоўней за самыя красамоўныя словы... Андрэй моцна сцяў зубы. “Не трэба было мне ехаць сюды! – міжволі падумалася яму. – Бачна ж, усё бачна... простым вокам бачна!” Сцяжынка да возера крута зварочвала ўбок, а вакол быў лес... таму цьмяная постаць Ігара даўно ўжо знікла, нібыта растварыўшыся ў суцэльнай гэтай цемры. Ды і Хрысціна ўжо не глядзела ў той бок, цяпер яна моўчкі глядзела на вогнішча. На сэрцы Андрэя стала крыху лягчэй. “Трохкутнік! – горка ўсміхаючыся, падумаў ён: - Звычайны, класічны, зашмальцаваны ў мностве літаратурных сюжэтаў трохкутнік! Ён кахае яе, яна ж абавязкова павінна кахаць кагосьці трэцяга... ну, а гэты трэці... Андрэй уздыхнуў. “Гэты трэці – лепшы за цябе ва ўсіх адносінах! – напомніў ён сабе. – Давай будзем глядзець праўдзе ў вочы! Ён прыгажэйшы за цябе, дужэйшы... смялейшы, у рэшце рэшт! Цікава, ці пайшоў бы я туды зараз, вось так, адзін... асабліва пасля ўчарашніх гэтых баек?” І Андрэй зноў непрыкметна ўздыхнуў. - Чаму ты не пайшоў з ім?! - Што? – ахоплены сваімі думкамі, Андрэй не адразу і зразумеў, што гэта ўжо не ягоныя думкі, што гэта спыталася Хрысціна, і пытанне адрасуецца менавіта яму. Ды і каму яшчэ яно магло тут быць адрасаванае... - Ты проста спалохаўся! Андрэя больш за ўсё ўразілі нават не самі крыўдныя гэтыя словы... больш за ўсё ўразіў яго тон, якім яны былі кінуты яму проста ў твар. Яна не пыталася... яна сказала абразлівую гэтую фразу, як нешта само сабой зразумелае, як факт, які не патрабуе нават ні доказаў, ні каментарыяў. І Андрэй проста не ведаў, што адказаць ёй зараз... і як ёй адказаць. І таму, не адказваючы нічога, ён проста ўзняўся. - Куды ты?! – устрывожана спыталася дзяўчына. Андрэй нічога не адказаў. - А я?! Ты што, пакінеш мяне тут адну?! Не адказваючы, Андрэй проста паглядзеў на яе. Хрысціна таксама глядзела прама яму ў вочы... і гэта процістаянне вачэй працягвалася даволі доўга. Потым Хрысціна ўздыхнула і першай адвяла погляд. - Я пажартавала! – ціха сказала яна. – Прабач, калі ласка! Сядай! Ды сядай жа ты! Андрэй паслухмяна сеў. І ў гэту самую хвіліну аднекуль з боку возера данёсся да іх адчайны чалавечы крык. Дакладней, крык гэты быў амаль што нечалавечы – столькі ў ім было жаху, болю, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, для вызначэння чаго ў чалавечай мове проста адсутнічаюць патрэбныя словы... І Андрэй, і Хрысціна ўскочылі на ногі амаль адначасова. А крык гэты, адчайны, нямы, нелюдскі крык гэты раптам абарваўся, рэзка і адразу, нібыта чалавеку, які так нема крычаў, забілі чымсьці рот. Магчыма, вадой… - О, божа! – прашаптала Хрысціна дрыжачымі вуснамі: - Гэта... гэта Ігар! Гэта з ім штосьці! Андрэй нічога не адказаў, і нейкі час яны стаялі, моўчкі і нерухома, трывожна ўслухваючыся ў падманліваю цішыню ліпеньскай ночы. І, нават не дакранаючыся да дзяўчыны, Анлрэй адчуў раптам, як яна ўся дрыжыць. - Чаму ён замаўчаў?! – голас Хрысціны быў нейкі хрыплы, надломлены... быццам і не яе голас. – Чаму ён... што з ім здарылася, Андрэй?! Гэтага Андрэй не ведаў. Ён нават не быў упэўнены, што адчайны крык гэты належыў сябру... хоць, каму яшчэ ён мог тут належыць! Хрысціна моўчкі глядзела на Андрэя, яна задала пытанне і чакала зараз адказу... а што ён мог ёй адказаць?! Трэба было ўсё ж сказаць ёй хоць штосьці, хоць неяк супакоіць яе, але дрыжачыя вусны не хацелі слухацца. І Андрэй зноў успомніў таго, учарашняга старога і ягоныя байкі наконт гэтага возера. Учора яны і сапраўды здаліся ім проста байкамі... - Андрэй, чаму ты маўчыш? – прашаптала Хрысціна. – Скажы хоць што-небудзь! Андрэй паварушыўся. - Трэба ісці! – прашаптаў ён і амаль не пазнаў свайго голасу. – Трэба ісці туды... – прагаварыў ён ужо гучней, - каб даведацца... Мне... - Нам! – Хрысціна моцна ўхапіла хлопца за руку. – Я не застануся тут, без цябе! І яны пайшлі. Ноч была ціхая, а неба бязвоблачным і на здзіўленне зорным, але, на вялікі жаль, быў час маладзіка. Адзіны ліхтарык забраў Ігар, таму ішлі яны зараз вельмі павольна, то спатыкаючыся аб нейкія нябачныя ў цемры пні і карэньчыкі, то натыкаючыся тварамі на такія ж нябачныя зараз галінкі дрэў і кустоў. І Андрэй уявіў раптам, як ішоў тут Ігар, зусім нядаўна ішоў. Вось ён ужо каля возера, вось вузкі прамень ліхтарыка, перабягаючы з месца на месца, асвятляе, нарэшце, ваду, трыснёг каля берага... і лёгкі празрысты туман ляніва плыве ўдалячынь... Вось Ігар спыняецца каля самай вады, нахіляецца, зачэрпвае далонню цёплую гэтую ваду... і раптам адтуль, з возера, з падманлівай гэтай цішыні... Усё так, як і казаў учора той стары! Ногі былі нібыта ватныя, сэрца моцна стукала ў грудзях і толькі цудам, здаецца, адтуль не выскоквала. Хрысціна паслухмяна ішла побач, яна па-ранейшаму моцна трымалася за руку Андрэя. У другіх абставінах гэта было б вельмі прыемна... але зараз Андрэю было зусім не да гэтага... Возера знаходзілася дзесьці побач, яно вось-вось павінна было адкрыцца сярод чорных дрэў, і Андрэй быў ужо амаль падрыхтаваны да гэтай сустрэчы. І ўсё ж, калі яно і сапраўды бліснула, нарэшце, наперадзе, цьмяна і таямніча, хлопец адчуў раптам, як па спіне прабег нейкі непрыемны халадок. Адразу ж захацелася спыніцца, не ісці далей... а самае лепшае – проста павярнуць назад, і можа, калі б Андрэй ішоў адзін, ён бы так і зрабіў. Але побач ішла Хрысціна, яна моцна трымалася за ягоную руку, таму Андрэй дазволіў сабе спыніцца толькі тады, калі да берага засталося якіх-небудзь пяць-шэсць крокаў. Хрысціна таксама спынілася побач, руку ягоную яна так і не адпусціла. На беразе нікога не было. - Ігар! – трывожным, зрываючымся шэптам паклікала Хрысціна: - Ігар, ты дзе?! Адказам ёй было поўнае і абсалютнае маўчанне. Возера ляніва раскінулася перад імі, яно ляжала, перабіраючы хвалі і яму не было аніякай справы да двух да паўсмерці перапалоханых чалавечкаў, якія так выпадкова патрапілі сюды. Возера не звяртала на іх аніякай увагі, яно проста ігнаравала іх... Ці, можа, прыкідваючыся абыякавым, уважліва сачыла за кожным іхнім рухам?! - Ігар! – зноў выкрыкнула Хрысціна і, адпусціўшы, нарэшце, руку Андрэя, зрабіла крок наперад. - Не падыходзь! Андрэй схапіў дзяўчыну за руку і з сілай ірвануў на сябе. Яны сутыкнуліся, і Хрысціна, прытуліўшыся да Андрэя, горка заплакала. - Ігар! – шаптала яна праз слёзы: - Божа мой, Ігар! Што ж гэта такое, Андрэй?! Што ж гэта такое! А Андрэй нібыта скамянеў. І зрок, і слых, усе ягоныя пачуцці працавалі зараз на поўную магутнасць, і ўсе яны сігналізавалі аб небяспецы! Тое “штосьці”, неверагоднае, жахлівае тое “штосьці”, тое, што ніяк не магло існаваць у звышрацыянальным нашым свеце і тым не менш, яно, калі верыць словам учарашняга старога, усё ж існавала... і існавала менавіта тут, у лясным гэтым возеры. Тое, чыёй апошняй ахвярай стаў Ігар - яно было дзесьці побач, зусім нават побач! Яно было побач і чакала толькі зручнага моманту для нападу, а пакуль проста сачыла за імі мёртвымі сваімі вачніцамі... І, магчыма, яму ўжо надакучыла проста чакаць... - Пойдзем адсюль! – хрыпла прашаптаў Андрэй. – Хутчэй! - А Ігар?! Штосьці плёснула ў трыснягу... рыба – не рыба, звер – не звер... плёснула, зашапацела. Чутна было, як хтосьці, вялізны і нязграбны, брыў праз густы гэты трыснёг сюды, да берага. Потым да слыха скамянелага ад жаху Андрэя данёсся чыйсьці, выразна чутны ўздых, ці, можа, стогн... - А-а-а! – нема закрычала Хрысціна, кідаючыся прэч. Андрэй бег следам... і так яны беглі, не спыняючыся, нейкі час, беглі напрасткі, праз густыя калючыя зараснікі. Яны беглі, а вогнішча ўсё не было і не было відаць і раптам перад імі... зноўку бліснула возера. - О, божа! – не прагаварыла нават, а хутчэй прастагнала Хрысціна: - О, божа! І зноў яны беглі прэч, беглі па чужым, жудасным, злавесным гэтым лесе, а лес, нібыта жывая істота, усё спрабаваў неяк затрымаць іх, не выпусціць са сваіх уладанняў, балюча хапаючы сваімі каравымі пальцамі-галінкамі то за адзенне, то за валасы, то за твар... Яны беглі доўга, цэлую вечнасць і... зноў выбеглі на бераг возера, і спыніліся, зусім здранцвелыя ад жаху. - Не магу больш! – закрычала Хрысціна. – Зрабі што-небудзь, чуеш! Зрабі што-небудзь! У трыснягу зноў штосьці зашапацела, загукала... хтосьці зноў упарта стараўся выбрацца на бераг... але Андрэй з Хрысцінай ужо беглі прэч, дакладней, бег Андрэй а Хрысціну ён проста цягнуў за сабой. Некалькі разоў дзяўчына падала і Андрэю прыходзілася спыняцца і ўздымаць яе, а адзін раз яны ўпалі ўжо ўдвух.... Яны беглі, не ведаючы нават куды, толькі б падалей ад праклятага гэтага возера, ад злавеснага гэтага лесу, які ніяк не жадаў закончыцца і адпусціць іх нарэшце... А потым Андрэй нечакана для сябе ўбачыў злева, зусім непадалёку, вогнішча і адразу ж кінуўся да яго... Вогнішча гарэла ярка, на дзіва ярка, а непадалёку ад яго сядзеў... Ігар! Сядзеў і глядзеў прама на іх. Усё так, як і казаў той стары! - Ігар! – узрадавана кінулася да хлопца Хрысціна, але Андрэй паспеў схапіць яе за руку. - Не падыходзь да яго! - Чаму? – Хрысціна недаўменна азірнулася. – Гэта ж Ігар! - Гэта не Ігар! Андрэй глядзеў на Ігара (ці на таго, хто выдаваў сябе за яго), а Ігар (ці той, хто ім прыкідваўся) таксама глядзеў прама ў вочы Андрэю. І так яны глядзелі адзін на аднаго даволі працяглы час, глядзелі і маўчалі. - Значыць я не Ігар? – Ігар паціснуў плячамі, усміхнуўся. – А хто ж я тады, цікава? Андрэй нічога не адказаў. Ён стаяў і моўчкі глядзеў на сябра. Ці на таго, хто ўмела выдаваў сябе за яго... Ігар зноў усміхнуўся. - Ды вы што, сур’ёзна ўсё гэта?! Хрысця, ты што?! Ідзі да мяне! - Не ідзі! – таропка прагаварыў Андрэй. – Заставайся тут! Хрысціна бездапаможна і неяк умольна паглядзела на Андрэя, потым перавяла погляд на Ігара... зноў паглядзела на Андрэя... І засталася на месцы. - Ды вы што?! – Ігар ускочыў на ногі. – Вы што, звар’яцелі з перапуду?! Гэта быў жарт! Звычайны жарт! Жарт, разумееце?! - Ты мокры! – хрыпла прагаварыў Андрэй. – Чаму ты ўвесь мокры? - Мокры? – Ігар уважліва і неяк недаўменна паглядзеў на сваё адзенне. – Ну, мокры! Што з гэтага? - Ты не Ігар! - Ну, трэба ж! – Ігар засмяяўся, але засмяяўся адзін і таму адразу ж змоўк. – Вы гэта знарок, так? Вас раззлаваў мой жарт... і таму вы, спецыяльна... Ён змоўк, не дагаварыўшы. - Ты не Ігар! – зноў паўтарыў Андрэй. – Не ведаю, хто ты... але ты не Ігар! - Ідыёт! – закрычаў раптам Ігар, сціскаючы кулакі і робячы крок наперад. – Ты мяне ўжо “дастаў”, дэбіл! І адразу ж спыніўся, убачыўшы ў руцэ Андрэя нож… - Не падыходзь! – прашаптаў Андрэй, адчуваючы, як нешта балюча сціснулася ў грудзях, як адчайна, сударгава нават застукала сэрца. – Лепш не падыходзь! - Дэбіл! – паўтарыў Ігар са злосцю і незразумелым адчаем. – Ды калі б я быў якім-небудзь… тапельцам – што мне тады твой нож! Паварушы мазгамі, ідыёт! – Ён абхапіў галаву рукамі. – І я ідыёт! Знайшоў з кім жартаваць! Ён змоўк. І Андрэй таксама маўчаў, не апускаючы нажа, і маўчала Хрысціна, спалохана пераводзячы погляд з аднаго на другога. І было вельмі ціха і вельмі няўтульна на маленькай лясной палянцы.
