Маленькія чырвоныя чалавечкі

Першай у кабінет увайшла дзяўчынка. Яна спынілася каля дзвярэй, паглядзела на псіхатэрапеўта і моўчкі яму ўсміхнулася. Той таксама ўсміхнуўся ў адказ і хацеў нават штосьці сказаць дзяўчынцы, але ў гэты самы час у кабінет увайшла жанчына, па ўсяму бачна, яе маці.- Добры дзень, доктар! – нясмела прамовіла яна і, узяўшы дзяўчынку за руку, падвяла яе да стала, за якім сядзеў псіхатэрапеўт. Той паказаў жанчыне на стул і жанчына паслухмяна на яго апусцілася. Дзяўчынка засталася стаяць побач.Увесь той час, пакуль псіхатэрапеўт праглядваў гісторыю хваробы і іншыя паперы, якія ляжалі перад ім на стале, і маці, ды і сама дзяўчынка нават не варухнуліся. Маці сядзела, напружана выпрастаўшыся, яе вялікія, заплаканыя вочы з трывогай і, адначасова, з надзеяй сачылі за кожным рухам чалавека ў белым халаце, які сядзеў насупраць. Дзяўчынка ж, наадварот, разглядвала псіхатэрапеўта спакойна і з нейкай нават асаблівай цікаўнасцю.- Ну што ж... – псіхатэрапеўт адсунуў, нарэшце, усе паперы крыху ўбок і праз акуляры ўважліва паглядзеў на дзяўчынку. – Цябе Дашай завуць?- Дашай, - дзяўчынка зноў усміхнулася. – А вас?- А мяне – Сяргей Фёдаравіч! – псіхатэрапеўт памаўчаў крыху: - Не трэба мяне баяцца, Даша.- А я і не баюся! – дзяўчынка паглядзела на маці, сустрэлася з яе трывожным позіркам і дадала: - Гэта мама чамусьці вас баіцца!Жанчына раптам гучна ўсхліпнула і, апусціўшы галаву, пачала хуценька выціраць вочы вялікай сіняй насоўкай.- Так... – псіхатэрапеўт задуменна забарабаніў пальцамі па паліраванай паверхні стала. – Скажы, Даша, і як даўно ты іх бачыш?- З мінулага года! – адказала за дзяўчынку маці, нервова камячачы насоўку – З таго самага часу, як...Яна змоўкла, не дагаварыўшы.- З таго часу, як бабулі стала дрэнна! – закончыла фразу дзяўчынка. – Але ты памыляешся, мамачка! Я бачыла іх і раней, толькі ўвесь час неяк здалёк. А ў той дзень я ўпершыню ўбачыла іх у нашай кватэры. Ля бабулінага ложка...Маці зноў усхліпнула і хацела штосьці, ці то дадаць, ці то проста запярэчыць, але псіхатэрапеўт жэстам яе спыніў.- І як яны выглядалі? – спытаў ён дзяўчынку. – Яны вялікія?Дзяўчынка засмяялася.- Яны зусім маленькія! – сказала яна. – І смешныя. А яшчэ яны вельмі чырвоныя, зусім як... як...- Як морква? – паспрабаваў падказаць доктар, але дзяўчынка толькі адмоўна затрэсла галавой. – Ці, можа, як суніцы?- Яны проста чырвоныя і ўсё! – дзяўчынка зноў засмяялася. – І мяккія. Як пластылін. І я з імі размаўляла, а яны сказалі мне, што прыйшлі за бабуляй. Чаму ты плачаш, мамачка?. – дзяўчынка павярнулася да маці і пяшчотна пагладзіла яе па шчацэ. – Яны сказалі мне, што бабулі там будзе добра!- Прабачце, доктар!Жанчына раптам ускочыла са стула і, прыціснуўшы насоўку да вачэй, таропка выбегла з кабінета. Дзяўчынка нейкі час глядзела на прыадчыненыя дзверы, потым села на месца маці і зноў павярнулася да псіхатэрапеўта.- Мама не верыць, што я іх бачу? – сказала яна, крыху сцішыўшы голас. – Яна думае, што я ўсё гэта толькі прыдумляю. А вы мне верыце? – раптам спытала яна псіхатэрапеўта. – Ці таксама лічыце, што я хлушу?- Ну, зразумела ж, я так не лічу! – сказаў псіхатэрапеўт, крыху сумеўшыся пад гэтым ясным і даверлівым дзіцячым позіркам. – Я не лічу, што ты хлусіш, але... ведаеш, часам бывае, што чалавек раптам пачынае бачыць тое, чаго на самай справе няма. Гэта называецца...- Галюцынацыяй? – перабіла псіхатэрапеўта дзяўчынка. – Мама і аб гэтым мне казала! Толькі яны не галюцынацыя, гэтыя чырвоныя чалавечкі! Яны сапраўдныя...У гэты час у кабінет вярнулася жанчына. Яна паглядзела на дачку і, не падыходзячы да стала, апусцілася на самы край кушэткі, якая стаяла каля сцяны. Насоўку жанчына па-ранейшаму нервова камечыла ў далонях.- Ну што ж... – псіхатэрапеўт уздыхнуў і пачаў таропка запаўняць нейкі чысты бланк. Потым ён адклаў ручку ўбок і зноў узняў вочы на дзяўчынку. – Скажы, а потым... ты іх бачыла потым? Пасля таго, калі...Ён змоўк, не ведаючы, як лепш закончыць фразу.- Пасля таго, калі бабуля памерла? – здагадалася дзяўчынка. – А як жа! Я іх часта сустракала потым на вуліцы, праўда, ніколі зблізку. А потым яны зноўку наведаліся да нас. Гэта было, калі захварэла цёця Рая...- Мая сястра! – падала голас жанчына. – Яна жыве з намі.- Жыве? – псіхатэрапеўт уважліва паглядзеў на жанчыну. – Дык яна... выздаравела?- Ну, так! – жанчына сцвярджальна кіўнула. – У яе быў рак, прытым, у самай запушчанай форме, а потым... потым яго раптам не стала...- Як, не стала? – спытаў псіхатэрапеўт. – Быў і не стала?Жанчына зноў кіўнула.- Урач, які лячыў яе, сказаў, што гэта вельмі падобна на цуд! І што ён бы ніколі не паверыў, што такое, наогул, магчыма... не паверыў, калі б сам не лячыў яе, калі б хто-небудзь іншы расказаў яму гэтую гісторыю...- Проста я папрасіла чалавечкаў, не чапаць цёцю Раю! – сказала дзяўчынка. – Я растлумачыла ім, як сумна мне будзе без цёці Раі...- І яны паслухаліся? – з нечаканай цікаўнасцю спытаў псіхатэрапеўт.Дзяўчынка кіўнула.- Яны заўжды цябе слухаюцца?Дзяўчынка паціснула плячамі.- Не ведаю, я іх больш ні аб чым не прасіла. Я сказала ім, каб яны не чапалі цёцю Раю, і яны адразу ж зніклі... А ведаеце, - яна зноў сцішыла голас, - тут, у вашай бальніцы, іх вельмі шмат! Нават у гэтым кабінеце!- Што? – псіхатэрапеўт міжволі аглядзеўся па баках . – Ну, ты і фантазёрка!Ён стрымана засмяяўся, але засмяяўся толькі ён адзін і таму амаль адразу ж змоўк. Дзяўчынка глядзела на псіхатэрапеўта неяк вельмі ўжо сур’ёзна і ўважліва, а яе маці, наогул, на яго не глядзела. Яна глядзела на дачку з дрэнна прыхаваным спалохам.- І іх тут шмат? – нечакана нават для сябе самога спытаў псіхатэрапеўт і, не чакаючы адказу, дадаў: - Што ім ад мяне трэба?- Нічога! – дзяўчынка зноў паціснула плячамі. – Яны проста чакаюць...- Чакаюць чаго?Дзяўчынка не адказала.- Чаго чакаюць?! – павысіў голас псіхатэрапеўт. – Прызнайся, што ты ўсё гэты прыдумала! Прыдумала, так?!- Яны просяць вас не крычаць на мяне! – ціха сказала дзяўчынка. – Ім гэта не падабаецца!- Ах, ім гэта не падабаецца! – устаўшы з-за стала, псіхатэрапеўт шпарка падыйшоў да акна, спыніўся каля яго, нейкі час бяздумна глядзеў уніз. – Не падабаецца... скажыце, калі ласка!Дзяўчынка таксама ўстала са стула і, падыйшоўшы да псіхатэрапеўта, асцярожна дакранулася да ягонай далоні сваімі маленькімі пальчыкамі.- Хочаце, я папрашу іх знікнуць? – ціха сказала яна.- А?!– псіхатэрапеўт недаўменна павярнуўся да дзяўчынкі, іх позіркі сустрэліся. – Што?!- Яны сказалі мне, што ў вас вельмі зношанае сэрца, - гэтак жа ціха дадала дзяўчынка. – І што ў вас ужо было некалькі мікраінфарктаў. Я, праўда, не ведаю, што гэта такое, але... нічога! Я папрашу іх пакінуць вас у спакоі, - прагаварыла яна ўжо гучней. – Не ведаю, паслухаюць яны мяне ці не... але ж паспрабаваць можна! Калі вы гэтага вельмі хочаце...У гэты час шырока расчыніліся дзверы і ў кабінет увайшла медсястра.- Сяргей Фёдаравіч, вы не забыліся пра нараду? – падкрэслена гучна спытала яна, непрыязна зірнуўшы пры гэтым у бок жанчыны. Жанчына адразу ж таропка ўзнялася з кушэткі. – Між іншым, да яе пяць хвілін засталося!!- Я памятаю!Псіхатэрапеўт замітусіўся, выцягнуў з шуфлядкі стала нейкія паперы, таропка пачаў іх перагортаваць, адбіраючы патрэбныя. Не звяртаючы больш аніякай увагі ні на дзяўчынку, ні на яе маці, ён заспяшаўся да выхаду і толькі каля самых дзвярэй азірнуўся. Жанчына нерухома стаяла каля дзяўчынкі, абдымаючы яе рукой за плечы.- Ведаеце, я зусім забыўся пра гэтую нараду! – ён змоўк на імгненне, нибыта аб чымсьці разважаючы. – Пачакайце мяне ў калідоры, добра?- Можа нам лепш прыйсці заўтра? – нясмела прапанавала жанчына.- Не, не! Пачакайце! – псіхатэрапеўт паглядзеў на гадзіннік. – Я доўга не затрымаюся... пастараюся не затрымацца доўга...Ён выйшаў. Мядсястра памарудзіла крыху, нецярпяліва чакаючы пакуль жанчына з дзяўчынкай таксама пакінуць кабінет, потым выйшла з яго і сама.- Дык нам пачакаць? – спыталася ў яе жанчына.Нічога не адказаўшы, медсястра змерыла жанчыну халодным позіркам, потым павярнулася і павольна пайшла прэч. Яна ішла па калідору, а жанчына глядзела ёй услед і ў уласным яе позірку па-ранейшаму дзіўна перапляталіся трывога і надзея, надзея і трывога....Потым дзяўчынка ціхенька тарганула маці за руку.- Пойдзем дамоў, мамачка! – ціха прагаварыла яна.- Дамоў? – жанчына нерашуча паглядзела на дачку. – Але ж доктар... ён прасіў нас пачакаць, пакуль вернецца...- Ён не вернецца!- Не вернецца?Жанчына нахілілася, яе вялікія змучаныя вочы апынуліся раптам зусім побач з яснымі блакітнымі вачыма дзяўчынкі.- Чаму ён не вернецца?Не адказваючы, дзяўчынка толькі моўчкі паціснула плячамі.- Гэта яны сказалі табе аб гэтым?Дзяўчынка кіўнула.Дзесьці ў глыбіні калідора пачуліся раптам чыесці ўсхваляваныя галасы, двое мужчын ў белых халатах таропка прабеглі каля жанчыны з дзяўчынкай. У руках аднаго з мужчын былі насілкі.- Гэта з Сяргеем Фёдаравічам дрэнна! – паведаміла маці дзяўчынка. – Сэрца не вытрымала. І якраз каля ліфта. Але дарэмна яны так спяшаюцца... яму ўжо не дапамагчы. Куды ты, мамачка?!Жанчына выпрасталася і нечакана пабегла па калідору ўслед за мужчынамі. Дзяўчынка таксама бегла за ёй, але, як не старалася, усё роўна не паспявала. І толькі калі жанчына спынілася, дзяўчынка змагла дагнаць яе. І адразу ж ўхапіла за руку.Каля ліфта і сапраўды сабралася шмат людзей, пераважна ў белых халатах, але некаторыя былі і без халатаў. Псіхатэрапеўт нерухома ляжаў на падлозе, тварам уверх, адна з жанчын толькі што зрабіла яму ўкол... побач з ёй санітары таропка разварочвалі насілкі...- Калі б я папрасіла іх там, у кабінеце... – нечакана гучна прагаварыла дзяўчынка. – А зараз іх ужо позна прасіць...- Дык яны што, і сапраўды існуюць?! – голас жанчыны раптам спалохана задрыжаў і сарваўся. – Іх тут шмат?!Дзяўчынка кіўнула галавой.- І што яны робяць зараз?Дзяўчынка раптам весела засмяялася.- Скачуць, дражняцца, паказваюць мне языкі. А адзін з іх толькі што паглядзеў на цябе, мамачка!- На мяне?! Ён паглядзеў на мяне?!У дрыжачым голасе жанчыны быў жах, самы сапраўдны жах.- Ён што, і зараз на мяне глядзіць?!Дзяўчынка зноў сцвярджальна кіўнула. Потым яна прыўзнялася на дыбачкі, абняла аберуч маці за шыю і моцна-моцна пацалавала яе ў шчаку.- Не бойся, мамачка! – прашаптала яна жанчыне на самае вуха. – Няхай глядзіць! Цябе я ім не аддам! Бо мне без цябе будзе сумна! Вельмі сумна!І яна зноў пацалавала жанчыну ў шчаку.