Правіла гульні

- Дзяўчына! Пачакайце хвіліначку! Віялета нават не азірнулася. Быў час пік, народу на праспекце было нават зашмат: людзі ішлі і насустрач ёй, і ў адным з Віялетай напрамку, дзяўчат сярод вірлівага гэтага натоўпу таксама хапала. Так што адчайны вокліч за спіной мог адносіцца да любой з іх, тым больш, што сама Віялета, выскачыўшы ў няпоўных сямнаццаць гадоў замуж, і паспеўшы ўжо развесціся ў дзевятнаццаць, дзяўчынай сябе лічыць з таго часу перастала. Праўда, калі да яе звярталіся са словамі “прабачце, жанчына…” або “паслухайце, жанчына…”, яна таксама чамусьці крыўдзілася… - Ды пачакайце ж, вы! Хтосьці раптам схапіў Віялету за руку, моцна таргануў. Ад нечаканасці Віялета аж скаланулася, але адразу ж прыйшла ў сябе. Вырваўшы руку, яна рэзка павярнулася назад і ўбачыла перад сабой высокага хударлявага юнака. Юнак глядзеў на Віялету з вышыні свайго росту і радасна ёй усміхаўся. - Мы знаёмы? – спытала Віялета, беспаспяхова стараючыся ўспомніць, дзе яна магла страчацца з гэтым маладым чалавекам. Так нічога не ўспомніўшы, яна строга насупіла бровы і зрабіла крок назад. - Што вам трэба? Юнак зноў усміхнуўся, але на гэты раз крыху разгублена. - Я так рады бачыць вас! – прагаварыў ён з нейкім, ледзь прыкметным акцэнтам. – А вы? - Што, я? – спытала Віялета недаўменна. – Што вы да мяне прычапіліся, не разумею?! Юнак сумеўся, збянтэжаны гэтым яе халодным тонам. - Я думаў… - прамармытаў ён, паціскаючы плячамі, - думаў, што вы… што ў нас з вамі… А вы што, і сапраўды не рады сустрэць мяне тут? Віялета насцярожылася. У юнака быў нейкі, вельмі ўжо дзіўны выгляд, нават не дзіўны, а дзікаваты, хутчэй. Ускудлачаныя, даўно не мытыя космы валасоў, даволі свежыя драпіны на ілбе і левай шчацэ… ды і адзенне, джынсы і дзіравая тэніска, былі ўсе ў нейкіх цёмных плямінах, вельмі падобных на кроў. А, можа, гэта і была кроў, хто ведае… Да ўсяго іншага, юнак быў яшчэ і босы. “Вар’ят нейкі! – міжволі падумалася Віялеце. – Ці, мо, наркаман пад кайфам?” Яна нават не ведала, што горш. Горш было ўсё... Дзіўна, але людзі, якія праходзілі каля іх, не звярталі на незвычайнага гэтага юнака аніякай сваёй увагі. А можа, проста не хацелі звяртаць на яго гэтай сваёй увагі. Віялета, пэўна, і сама б вяла сябе так, але… Але пры іншых абставінах… Зараз жа яна нават не ведала, што ёй і рабіць. Здаецца, ён усё ж не вар’ят, а калі і вар’ят, то не з буйных. І не наркаман… наглядзелася Віялета на іх, дзякуючы нядоўгаму свайму шлюбу. Магчыма, з юнаком проста здарылася нейкае няшчасце, вось ён і спыніў яе ў надзеі на дапамогу?..  Але чаму менавіта яе? І якую-такую дапамогу можа яна яму аказаць? Гэтага Віялета пакуль што не ведала. - Паслухайце, - сказала яна, стараючыся гаварыць як мага больш спакойна і нават спагадліва. – З вамі штосьці здарылася, я ж бачу… кепскае штосьці? Нейкі час юнак глядзеў на Віялету з такім выразам, быццам вар’яткай была яна а не ён сам. - А хіба з вамі нічога такога не здарылася? –прагаварыў, нарэшце, юнак. - Са мной? Віялета недаўменна паціснула плячамі. - А што са мной магло здарыцца такое? Юнак нічога не адказаў, а сама Віялета адчула раптам нейкі ўнутраны непакой. Яшчэ не зусім трывогу, але штосьці вельмі на яе падобнае. Больш за ўсё трывожыў Віялету чамусьці той факт, што ніхто з людзей, якія таропка і заклапочана праходзілі зусім побач з імі, па-ранейшаму не звяртаў аніякай увагі на юнака, на дзіўны ягоны выгляд. Ніхто нават галавы не павярнуў у ягоны бок, што было зусім ужо незразумела. - Куды ты глядзіш? – спытаў раптам юнак з уяўнай трывогай у голасе. – Ты штосьці там убачыла? - Людзей! – з нечаканай нават для сябе самой злосцю адказала Віялета. – Ніколі, разумееш, не бачыла, а тут раптам убачыла! Вось і гляджу, любуюся! Невядома, якой рэакцыі чакала Віялета ў адказ на з’едлівую сваю фразу, але таго, што адбылося, яна ніяк не чакала. - Людзей?! – раптам закрычаў хлопец, ліхаманкава замітусіўшыся і азіраючыся ва ўсе бакі. – Ты бачыш тут людзей? Ты, праўда, іх бачыш? Віялета не ведала, што і адказаць. Малады чалавек і сапраўды быў вар’ятам, наконт гэтага ў яе не заставалася аніякіх нават сумненняў. Толькі чаму тады, і зараз, после адчайнага гэтага ягонага воклічу, ніхто на іх нават позірку не кінуў? Хіба гэта нармальна? “Яны ж не бачаць яго! – раптам дайшло да Віялеты. – Яны проста не бачаць яго! І ён іх таксама… ” Але ж такога не магло быць, ніяк не магло! Ці ўсё ж магло? - Ты і сапраўды бачыш тут людзей? – ужо крыху супакоіўшыся, паўтарыў юнак сваё пытанне. – Ты не жартуеш? - А ты? – пытаннем на пытанне адказала Віялета. – Ты што, іх не бачыш? Гэта было пытанне дзеля пытання і, зразумела ж, юнак нічога не адказаў. Ён толькі па-ранейшаму ўсхвалявана глядзеў на сваю субяседніцу. Усхвалявана і, адначасова, з нейкай незразумелай надзеяй. - І што ж тады бачыш ты зараз? - Дзе? – не адразу зразумеў юнак. - Тут! – Віялета зрабіла рукой шырокі жэст. – Што ты бачыш вакол сябе? Юнак зноў азірнуўся па баках. - Як і раней, пустыню! – сказаў ён неяк нерашуча.- Вялізную безжыццёвую пустыню. І нейкія фіялетавыя горы ўдалечыні… Дзіўна, але Віялета чамусьці яму паверыла. Дакладней, амаль паверыла, бо нейкі чарвячок сумнення ўсё ж застаўся. - Фіялетавыя горы? – паўтарыла яна. – А пустыня, які ў яе колер? Юнак зноў азірнуўся вакол сябе. - Аранжавы, - сказаў ён не зусім упэўнена. – Дакладней, ён зараз аранжавы. А зусім нядаўна быў, хутчэй, серабрысты… а яшчэ раней блакітны… Але ж ты не верыш ніводнаму майму слову, праўда? Віялета нічога не адказала. Аранжавая пустыня, якая яшчэ нядаўна была серабрыстай… фіялетавыя горы ўдалечыні… Божа, чаму яна слухае ўсю гэтую ахінею?! - А ружовых коней там, выпадкова, не назіраецца? Ці, мо, чырвоных кракадзілаў з крылцамі? Замест адказу юнак раптам нахіліўся, і Віялета ледзь не ўскрыкнула ад нечаканасці. Рука юнака прайшла праз бетонныя пліткі, нібыта праз ваду, а потым у ягонай прыгаршчы заблішчэў, немаведама адкуль узяўшыся… аранжавы пясок. - Ты яго бачыш? – спытаў юнак, працягваючы руку з пяском у напрамку да Віялеты. – Бачыш? Віялета моўчкі кіўнула. Гаварыць яна не магла, бо неяк рэзка і адразу перасохла ў роце. Яна толькі моўчкі стаяла і моўчкі назірала, як пясок гэты, аранжавы гэты пясок, павольна працякаючы скрозь тонкія пальцы юнака, сыпаўся ўніз і… …і кудысьці знікаў, не далятаючы нават да тратуара… - Цяпер ты мне верыш? Віялета зноў кіўнула. - Тут так жудасна! – хутка і амаль неразборліва загаварыў юнак, аблізваючы кончыкам языка засмяглыя вусны. – Гэтыя страшыдлы… я два разы цудам ад іх уратаваўся… - Якія страшыдлы?! – Віялета спалохана азірнулася па баках. – Яны тут? Юнак нічога не адказаў. А вакол па-ранейшаму ішлі людзі, ішлі ў абодвух напрамках. І, па-ранейшаму, не звярталі на іх аніякай увагі. У тым і справа, што на іх! Не на яго аднаго, а на іх абодвух!  Але ж яе людзі павінны бачыць! І хіба не дзіўна тое, як яна так доўга размаўляе з пустым паветрам?.. - Калі я ўбачыў цябе, - раптам сказаў юнак, - я вельмі ўзрадваўся. Я не ведаў, што ты не адсюль… я думаў, што ты патрапіла сюды гэтак жа, як і я… - А як… як ты патрапіў туды? – спыталася Віялета, усё яшчэ трывожна азіраючыся па баках. Штосьці па-ранейшаму працягвала непакоіць яе… вось толькі што? Тое, што людзі перасталі звяртаць на яе сваю увагу? Ці, магчыма, гарачыня? Сёння такі спякотны дзень! Так, але ж усяго некалькі хвілін таму ніякай спякоты на вуліцы не назіралася. Больш таго: дзень быў даволі хмарны, сонца ўвесь час, то выглядвала ненадоўга з-за аблачын, то зноўку кудысьці за іх хавалася. Дарэчы, дзе яны зараз, гэтыя аблачыны? Узняўшы галаву, Віялета нейкі час моўчкі глядзела ў сіняе бязвоблачнае неба. Сонца было амаль над самай яе галавой, але, калі Віялета перавяла погляд і зірнула сабе пад ногі, яна ўбачыла свой даволі доўгі цень на… …на аранжавым пяску! Так, пад нагамі ў Віялеты быў зараз не тратуар, а нейкі дзіўны пясок аранжавага колеру. І хоць вакол усё яшчэ існаваў горад – людзей у гэтым горадзе ўжо не было, дакладней, Віялета іх ўжо не бачыла. Людзі зніклі, усе да аднаго… усе, акрамя гэтага дзіўнага хлопца, які зараз узбуджана азіраўся вакол, згубіўшы ўсялякі інтарэс да Віялеты. - Я бачу! – закрычаў ён раптам. – Я іх зноў бачу! А вакол Віялеты працягваў знікаць горад. Будынкі сталі амаль што празрыстымі, і праз гэтую нязвычную іх празрыстасць Віялета раптам змагла разглядзіць высокія фіялетавыя горы ўдалечыні… - Я змагу вярнуцца! - Стой! Зрабіўшы адчайны рывок, Віялета аберуч схапіла юнака за адвароты тэніскі. - Пусці! – спалохана крыкнуў юнак, стараючыся вырвацца. – Ды адпусці ты! Я не магу больш тут, зразумей, не магу! Тэніска затрашчала і ў скурчаных пальцах Віялеты застаўся толькі невялікі кавалак тканіны. Юнак жа, адчуўшы сябе свабодным, адразу ж кінуўся прэч. - Стой! – закрычала з адчаем Віялета, бегучы следам. – Стой, гад! Спатыкнуўшыся аб штосьці нябачнае, яна паляцела вобзем, прама ў аранжавы гарачы гэты пясок. І, перш чым страціць прытомнасць, паспела яшчэ крыху здзівіцца таму, якім цвёрдым і халодным аказаўся навобмацак гэты самы пясок… - Што з вамі, жанчына? Узняўшы галаву, Віялета раптам убачыла, што вакол яе сабраліся людзі… шмат людзей. Потым, распіхваючы іх да Віялеты наблізіўся міліцыянер. - Ну, усё, разыходзьцеся! – сказаў ён, звяртаючыся да натоўпа, які з кожным імгненнем рабіўся ўсё большым і большым. - Нічога тут цікавага няма! Жанчыне стала дрэнна… толькі і ўсяго… “Жанчыне?! – абурана падумалася Віялеце. – Ды якая я вам жанчына ў дваццаць гадоў!” Але ўсё гэта яна толькі падумала. Услых жа… - Мне ўжо лепш, - сказала яна ўслых, узнімаючыся і азіраючыся па баках. Вакол зноў быў горад. Звычайны горад і самы звычайны летні, не зусім сонечны дзень.  І людзі, якія ва ўсе вочы глядзелі на яе. Праўда, дзіўнага таго юнака сярод іх яна так і не ўбачыла. Ну, што ж, хутчэй за ўсё, ён проста бяжыць зараз уздоўж вуліцы, сам не свой ад радасці, што змог нарэшце вярнуцца, вырваўшыся з аранжавага свайго пекла… Але Віялета чамусьці ведала, што ўсё не так проста. Юнак не вярнуўся сюды, у нашу рэчаіснасць, бо для таго, каб ён змог вярнуцца – хтосьці іншы павінен быў застацца там, у аранжавай той пустыне… Бо такім і было асноўнае правіла гульні! Што гэта за гульня такая, і як у яе гуляюць – гэтага Віялета не ведала. Яна ведала толькі, што гульня існуе, і што яна сама ледзь-ледзь не стала яе ўдзельніцай. Адкуль яна аб усім гэтым даведалася – гэтага Віялета не магла растлумачыць нават сабе самой. Натоўп даўно ўжо разыйшоўся, міліцыянер таксама рушыў па сваіх справах, так што Віялета зараз стаяла зусім адна. У руцэ ў яе быў моцна сціснуты невялікі брудны кавалачак тканіны. Той юнак, ён выглядаў зусім яшчэ дзіцём. Гадоў семнаццаць-восемнаццаць, не больш… І як даверліва ён глядзеў на яе… І ведаў, пэўна ж, ведаў асноўнае правіла гульні! Віялета рэзка трасянула галавой, нібыта адганяючы гэтым сваім жэстам так недарэчна набегшыя думкі. - Чаму я?! – сказала яна гучна, з нейкім нават выклікам. – Чаму, менавіта, я?! Брудны кавалачак тканіны выслізнуў з яе аслабелых пальцаў, зваліўся на тратуар. Вецер падхапіў яго і, разгойдваючы, панес-пакаціў уздоўж вуліцы. - Нават калі я і згаджуся зараз… – прагаварыла Віялета, гледзячы яму ўслед, - усё роўна гэта нічога не зменіць, хіба не так? Яна не чакала адказу і ніхто ёй, вядома ж. не адказаў. І, пастаяўшы яшчэ крыху моўчкі і нерухома, Віялета пайшла далей, звыкла рухаючыся ў шчыльным людскім натоўпе.