Ты сама выбрала свой лёс

Увайшоўшы ў пакой, ён спыніўся. Яму раптам здалося, што ўсе госці павярнулі галовы ў ягоны бок. Але гэта яму толькі здалося. Ніхто нават і ўвагі не звярнуў на тое, што на аднаго чалавека ў пакоі стала больш. Стараючыся быць непрыкметным, ён падыйшоў да акна і, прыхінуўшыся да падваконня, пачаў павольна і ўважліва разглядаць прысутных. Галоўнае – не спяшацца! Мінулы раз ён ледзь усё не сапсаваў празмернай сваёй паспешнасцю. Але і марудзіць таксама не след, бо час, такі каштоўны і такі неабходны яму зараз час ідзе і ідзе вельмі хутка… Ён зірнуў на вялікі гадзіннік на сцяне насупраць і крыху супакоіўся – часу яшчэ хапала. Толькі вось – каго выбраць? Усяго ў пакоі было каля дваццаці чалавек, але мужчын ён адразу ж адкінуў. З імі заўсёды шмат важданіны, ды, шчыра кажучы, яму не падабаліся мужчыны. З жанчынамі прасцей ва ўсіх адносінах. А іх у пакоі было роўна трынаццаць, чортаў тузін. І з гэтых трынаццаці ён павінен выбраць сёння адну. Адну з трынаццаці... Яго чамусьці заўсёды вельмі хваляваў гэты момант – момант выбару. Вось яны ўсе тут, перад ім, кожная – са сваімі думкамі, сваімі праблемамі, сваімі надзеямі і спадзяваннямі, кожная са сваім уласным асабістым жыццём. І ўсе яны і не падазраваюць нават, што вось тут, зусім побач, стаіць іх лёс, і нічога ўжо ад іх не залежыць. Ад яго аднаго толькі залежыць, чый лёс зменіцца ўжо сёння, так раптоўна і адразу. Кажучы шчыра, не ўсё залежыла ад яго аднаго. Трох жанчын, самых старых, тоўстых і непрыгожых, ён адбракаваў адразу. Потым, пасля нядоўгіх ваганняў, выкрасліў яшчэ чатырох – кожная з іх прыйшла сюды з мужчынам (муж? сябар?), якія так шчыльна апякалі дам свайго сэрца, так раўніва кідалі навокал пагрозлівыя позіркі, што было відавочна: гэтым чатыром нечаканае змяненне лёсу таксама не пагражае. Прынамсі, сёння. Заставалася яшчэ шэсць жанчын. Якую ж выбраць?  - Вы дазволіце? Цалком захоплены сваімі думкамі, ён і не заўважыў, калі яна паспела падыйсці да акна, гэтая жанчына. Гэта была адна з тых, каго ён пакінуў у спісе кандыдатак. Маладая, зусім яшчэ дзяўчо, даволі прыгожая, апранутая сціпла але з густам. - Вы не супраць, калі я крыху пастаю тут, побач з вамі? Ён усміхнуўся. - Калі ласка! Пастаяць, пасядзець, паляжаць – з вамі я на ўсё згодны! - Нават так?! Яна дастала з сумачкі пачаты пачак цыгарэт, закурыла, прапанавала яму. - Дзякую! – ён зноў усміхнуўся. – Не куру. Дзяўчына, схаваўшы цыгарэты, моцна і глыбока зацягнулася, пасля павольна, не спяшаючыся, выпусціла дым праз ноздры. “Лепш было, калі б яна не курыла, - міжволі падумалася яму. – І што за смак яны знаходзяць у гэтым занятку? А ў рэшце рэшт, якая розніца!” Дзяўчына яшчэ раз глыбока зацягнулася. - Чаму вы на мяне так глядзіце? - Як? – Ён усміхнуўся. – Як гляджу? - Ну... – Дзяўчына таксама ўсміхнулася, нетаропка збіла лакіраваным пазногцем з цыгарэты попел прама на падлогу і дадала: - Дзіўна неяк глядзіце. Мне нават не па сабе крыху. Гэта што, з-за таго, што я сама падыйшла да вас? З-за гэтага? Ён, працягваюцы моўчкі ўсміхацца, асцярожна ўзяў у яе з рукі недакурак, выкінуў яго ў адчыненную фортку. - Вы падыйшлі да мяне толькі таму, што я вельмі жадаў гэтага. І наогул, я... У гэты час у пакоі загучала музыка. - ...я запрашаю вас на танец. Гэта вальс? Яна кіўнула. - Вы не супраць? Дзяўчына зноў кіўнула і сама, першай, дакранулася да ягонай рукі. Праўда, амаль адразу ж адхапіла руку. - У вас такія халодныя рукі! Нават не халодныя, а... Яна змоўкла. - Ледзяныя? – падказаў ён і зноў усміхнуўся. – Вы гэта хацелі сказаць? - Не зусім, - дзяўчына таропка зірнула на яго і зноў адвяла позірк. – Вам што, холадна? - Холадна? – ён паціснуў плячыма. – Не! Ужо не... Яна зноў і яшчэ больш уважліва паглядзела на яго. Гэта кепска. Трэба зараз жа, неадкладна пераключыць яе ўвагу на нешта іншае! - Халодныя рукі – гарачае сэрца! – сказаў ён і, прыабняўшы дзяўчыну за вузкую талію, дадаў: - Пойдзем лепш танцаваць... - Вы добра танцуеце, - сказала дзяўчына, калі танец нарэшце скончыўся, і яны зноў стаялі каля таго ж самага цёмнага акна. – Скажыце, а вы сваяк гаспадарам ці проста знаёмы? - Проста знаёмы. – Ён зноў паглядзеў на гадзіннік насупраць. – А вы? - Я таксама! – дзяўчына ўсміхнулася і дадала: - Я тут, наогул, амаль нікога не ведаю. “Гэта добра! – міжволі падумалася яму. – Гэта проста выдатна!” - І ведаеце, вы - першы, з кім я загаварыла сёння... - Гэта, напэўна, лёс – сказаў ён. – Вы верыце ў лёс? - Веру! – сур’ёзна, нават занадта сур’ёзна адказала дзяўчына. – А вы? - І я! – ён усміхнуўся і дадаў: - Гэта адзінае, у што я па-сапраўднаму веру. Зноў загучала музыка, і яны зноў пайшлі танцаваць. Дзяўчына ўсё шчыльней прыціскалася да яго, дыханне яе было не цёплым нават - гарачым, нясцерпна, невыносна нават гарачым... але даводзілася цярпець. Хутка, ужо хутка... “Ты сама выбрала свой лёс, дурніца! – з нечаканым жалем падумалася яму. – Сама выбрала свой лёс! Я цябе не выбіраў. Я мог і не заўважыць цябе. Вас было шасцёра... але ты сама выбрала свой лёс!” - А вы чулі, - раптам прашаптала дзяўчына, горача дыхаючы яму ў самае вуха, - чулі пра гэтыя жудасныя забойствы? Чулі? - Забойствы? – ён уважліва паглядзеў на яе. – Якія забойствы? - Вы і праўда не чулі? - Праўда. - Не можа быць! – у голасе дзяўчыны гучаў яўны недавер. – Аб гэтым жа толькі і кажуць у горадзе! - Вось як? – ён памаўчаў крыху і дадаў: - Проста я прыехаў здалёк і толькі сёння раніцай, так што... А што гэта за забойствы? У блакітных вачах у дзяўчыны штосьці мільганула. Магчыма, жах, а, можа, і штосьці іншае... - Іх знаходзяць мёртвымі! – ледзь чутна прашаптала яна. – З пракусанымі шыямі... без адзінай кроплі крыві... Уяўляеце – без адзінай кроплі! - Уяўляю! Цяпер ён глядзеў на шыю дзяўчыны, тонкую і на здзіўленне безабаронную. Глядзеў доўга. Потым перавёў погляд на гадзіннік на сцяне. І зноў утаропіўся прагным позіркам у гэтую тонкую, пяшчотную, безабаронную шыю...