Я так жадаю цябе!
Плошча каля крамы была ярка асветленая шматлікімі ліхтарамі і рэкламай, і таму дзяўчыну з юнаком было добра бачна. Але зусім не бачна было старога, які моўчкі пазіраў на іх з цемры старога парка. “Гэта не яна! – зноў падумалася старому. – Так не бывае... не павінна быць! Я памыліўся, проста памыліўся!” Але дзяўчына зноў засмяялася, звонка і знаёма, потым, узняўшы руку, яна яшчэ больш знаёмым жэстам узлахмаціла кароткія, па модзе, валасы чарговага свайго кавалера і ў старога раптам балюча сціснула сэрца, на нейкае кароткае імгненне ажно перахапіла дыханне. Ён нават сам здзівіўся крыху гэткай сваёй рэакцыі... Што гэта? Боль успаміну? Ці ён – смешна казаць – усё яшчэ кахае яе, старая развалюха? Стары ўздыхнуў, нейкі час глядзеў на сваю тонкую дрыготкую руку, потым рука павольна ўзнялася і пальцы старога міжволі намацалі ледзь прыкметны шкнар на шыі. Шкнар на шыі даўно загаіўся... а дзяўчына выглядала такой юнай, зусім яшчэ дзяўчо... Як і тады, у Юрмале! Так, гэта была яна, і ўсё ж такога не магло быць, ніяк не магло! Ён сам, пэўна, з’ехаў з глузду, стары дурань, вось і прыдумляе бог ведае што?.. У гэты час дзяўчына зноў весела засмяялася і сказала штосьці свайму кавалеру, маладому высокаму мужчыну атлетычнага складу. Той у адказ толькі моўчкі кіўнуў і, павярнуўшыся, нетаропка пакрочыў у бок крамы. Сама ж дяўчына нечакана падалася ў бок прама процілеглы, якраз туды, дзе, нябачны ў цемры, стаяў зараз стары. Дзяўчына ішла якраз да яго, і стары ўжо хацеў проста саступіць ёй дарогу, адыйсці куды далей у цемру, як раптам убачыў радзімку над левай брывёй дзяўчыны, таксама такую знаёмую радзімку. І тады ён, не толькі не падаўся ў цемру, але і наадварот – сам зрабіў крок насустрач дзяўчыне, перагароджваючы ёй далейшы шлях. - Хто вы?! – рэзка і нават спалохана ўскрыкнула дзяўчына, спыняючыся і трывожна азіраючыся па баках. – Што вам ад мяне трэба?! Яе рэакцыя была такой натуральнай, што стары зноў засумняваўся. І калі б не гэтая радзімка над левай брывёй… - Што вам трэба?! – зноў паўтарыла дзяўчына, ужо куды спакайней. - Юрмала! – ціха прагаварыў стары, па-ранейшаму не зводзячы з дзяўчыны насцярожана-ўважлівага позірку. – Успомні Юрмалу, сорак пяць год таму. Успомні Вадзіма.... Калі б дзяўчына, весела рассмяяўшыся, паслала яго зараз куды падалей і дадала потым, што сорак пяць год таму яе яшчэ на свеце не існавала, гэта было б нармальна і цалком зразумела. І стары, прамармытаўшы нязграбныя свае прабачэнні, адразу б пакінуў яе ў спакоі і пашкандыбаў прэч. Але дзяўчына нічога такога не сказала. Доўга і ўважліва глядзела яна на старога, занадта нават доўга... - Ты – Вадзім? – спыталася яна ці то са дзіўленнем, ці то з недаверам, потым прыгожыя вусны дзяўчыны перакасіла раптам такая знаёмая і такая абаяльная ўсмешка, праўда, яна амаль адразу ж знікла, змяніўшыся грэблівай грымасай. – Які ж ты стаў стары і непрыгожы! - Затое ты... – ад хвалявання ў старога нават перахапіла дыханне. – Як змагла ты так захавацца, застацца ранейшай? – у галаве старога раптам маланкай прамільгнула здагадка, пальцы ягоныя зноў міжволі намацалі шкнар на шыі. – Гэта з-за гэтага, так? Нічога яму не адказаўшы, дзяўчына нейкі час моўчкі ўглядвалася ў худы, пасечаны маршчынамі твар старога, яна нібыта шукала штосьці знаёмае ў незнаёмым гэтым твары... шукала і не знаходзіла... - Ты застаўся жывы, - нарэшце прагаварыла дзяўчына і зноў усміхнулася старому абаяльна-знаёмай сваёй усмешкай. – Ведаеш, я рада, што ты не загінуў тады, бо я... – дзяўчына на імгненне змоўкла, - я і сапраўды кахала цябе ў той час. - Кахала?! – не верачы сваім вушам перапытаў стары. – Гэта я кахаў цябе, я, а не ты! Я на ўсё быў гатовы дзеля цябе, дзеля свайго кахання! На ўсё, разумееш! А ты... што ты зрабіла са мной?! Ён змоўк, задыхаючыся ад гнева і абурэння і нейкі час яны стаялі моўчкі, потым дзяўчына ўздыхнула і неяк няўпэўнена паціснула плячамі. - Ведаеш, я не хацела гэтага! – прашаптала яна хутка і амаль невыразна. – Я ніколі не рабіла гэтага з тымі, каго па-сапраўднаму кахала. Я проста знікала з іх жыцця, знікала назаўсёды... так я і планавала зрабіць з табой. А ў той вечар... - Што ў той вечар? – перапытаў стары. Дзяўчына зноў уздыхнула. - Я проста шмат выпіла ў той вечар. Выпіла… ну, і згубіла кантроль… Не трэба мне было так шмат піць тады! - Колькі табе гадоў? – спытаў раптам стары. – Сто? Дзвесце? Тысячу? Колькі? Дзяўчына моўчкі глядзела на яго, глядзела і чароўна ўсміхалася. Яна выглядала такой юнай... - Больш за тысячу? – стары раптам адчуў, што яшчэ хвіліна і ён звар’яцее. – Табе больш за тысячу? Гэта праўда? - Даруй за той вечар! – таропка прагаварыла дзяўчына і нервова азірнулася ў бок крамы. – Даруй і ідзі! Ідзі, чуеш! Стары таксама паглядзеў у бок крамы. Мужчына стаяў на прыступках з вялікім пакетам у руцэ і, здаецца, пералічваў грошы. - Ідзі! – паўтарыла дзяўчына, настойліва і нават з пагрозай. – І не раўнуй, я яго не кахаю. - Раўнаваць?! – пальцы старога зноў намацалі шкнар на шыі. – Я проста хачу… хачу папярэдзіць яго! - Навошта? Не адказваючы, стары зноў уважліва паглядзеў на дзяўчыну. Яна вытрымала гэты ягоны позірк, усміхнулася, паціснула абыякава плячамі. - Мне гэта неабходна, разумееш! Я не магу без гэтага! – дзяўчына зноў усміхнулася. – А ты лепш ідзі! Ідзі і не перашкаджай мне! Стары паглядзеў у бок крамы. Мужчына ўжо ішоў сюды, да іх... - Ідзі! – настойліва і крыху нервова прагаварыла дзяўчына. – Лепш ідзі! - Ну, не! – стары матлянуў галавой. – Я не дазволю табе зрабіць гэта з ім! - Не дазволіш?! – у голасе дзяўчыны стары нечакана адчуў халодную здзеклівую ўсмешку. – Ты і сапраўды так лічыш? Дзяўчына раптам ірванула блузку на грудзях. З трэскам пасыпаліся гузікі, на нейкае кароткае імгненне перад вачамі старога прамільгнулі, як былы ўспамін, яе бездакорна прыгожыя грудзі. Потым дзяўчына моцна, аберуч, абхапіла яго за шыю, з сілай прыцягнула да сябе... - Ты што?! – агалошана прахрыпеў стары, безпаспяхова спрабуючы выхваліцца. – Навошта ўсё гэта?! Пусці! Пусці, я ўсё роўна... Дзяўчына раптам спрытна падсекла ягоную нагу сваёй, і яны разам зваліліся ў траву. - Дапамажыце! – адчайна закрычала дзяўчына, па-ранейшаму моцна прыціскаючы твар старога да сваіх аголеных грудзей. – Хто-небудзь! Дапамажыце! Моцная рука ўхапіла раптам старога за каўнер і адным рыўком паставіла на ногі. Перад самым сваім тварам ён убачыў раз’юшаны твар мужчыны. - Казёл памаўзлівы! – прашыпеў юнак прама ў твар старога. – Ды я ж цябе зараз... - Як добра, что ты паспеў, Боб! – усхліпваючы, дзяўчына марна старалася прыладзіць на месца ўшчэнт разадраную блузку. – Інакш... інакш... – яна зноў усхліпнула. – Навошта ён гэта зрабіў, Боб?! - Паслухайце, я... – голас старога ўсхвалявана дрыжэў і зрываўся. – Разумееце, усё было зусім не так! Я... яна... Атрымаўшы моцны ўдар у сківіцу, стары адляцеўшы на некалькі метраў, моўчкі асеў на зямлю. - Казёл! – падбегшы, мужчына з усяго размаху ўдарыў старога ў жывот цяжкім чаравікам. – Яшчэ жадаеш?! - Я... яна... – прахрыпеў стары, усё яшчэ спрабуючы ўзняцца. – Выслухайце мяне, гэта вельмі важна! Бо яна... - Мала табе, казёл! Чарговы ўдар чаравіка патрапіў старому ў скроню і ён, змоўкнуўшы на паўслове, беспрытомна зваліўся ў густую духмяную траву начнога парка. - Чорт! – вылаяўся мужчына, трывожна азіраючыся па баках. – Здаецца, трэба тэрмінова адсюль звальваць! Ідзем, дзетка! Праз якую пару хвілін шыкоўная іншамарка ўжо несла іх прэч ад месца здарэння па ярка асветленых вуліцах вячэрняга горада. - Ты такі круты! – пяшчотна шаптала дзяўчына, даверліва прытуліўшыся шчакой да каменна-цвёрдага пляча свайго спадарожніка. – Ведаеш, калі я з табой – я нічога не баюся! І я... – дзяўчына сарамліва ўсміхнулася, зноў пачала папраўляць разадраную блузку, - я так жадаю цябе! - Я таксама жадаю цябе, дзетка! – прамармытаў мужчына, уважліва сочачы за дарогай. – Нават больш, чым ты! - Больш, чым я? Дзяўчына абаяльна і, адначасова, неяк загадкава ўсміхнулася. - Больш, чым я - ды такое проста немагчыма, любы! Пад словам “жадаю” яны падразумлявалі розныя рэчы. Зусім нават розныя…
